Среда, 4 декабря
Shadow

Віншаванне да Ражджаства Хрыстовага епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна

Епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна

«Вялікая набожнасці тайна:

Бог з’явіўся ў плоці» (1.Цім. 3,16)

                          Дарагія браты і сёстры!

     Зараз абнаўляецца ў памяці нашай падзея, якая адбылася 2014 гадоў таму назад. Падзея, якую асэнсаваць розумам немагчыма, але ж яна была, і сведчыць аб гэтым Слова Божае і вера людская. Сын Божы нарадзіўся ад прачыстай Дзевы Марыі – на зямлі з’яўляецца Гасподзь Бог і дасканалы Чалавек. З’явіўся не ў палацы, а нарадзіўся ў пячоры, нібы дзіця чалавечае, таму што не было іншага месца на зямлі для Сына Божага.

     З году ў год паўстае перад намі пытанне: а зараз ці знайшлося б на зямлі месца для Госпада? І мы можам адказаць: не толькі знайшлося б, але і знаходзіцца. Знаходзіцца яно ў сэрцах людзей, якія шукаюць Госпада свайго, Яму веруюць, на Яго спадзяюцца.

     У тых, хто адкрывае сваё сэрца і робіць Яго дастойнымі яслямі для Спасіцеля, Які нарадзіўся, бо Гасподзь уваходзіць у нас настолькі, наколькі мы гатовыя, наколькі мы ачысцілі свае сэрцы. І Гасподзь уваходзіць у гэтыя сэрцы, пасяляецца у іх; недасканалыя, грэшныя людзі, жывучы з Госпадам, мяняюцца, становяцца лепшымі, прасвятляюцца, робяцца сынамі Божымі па благадаці Божай.

     Аб свяце Ражджаства Хрыстовага прападобны Яфрэм Сірын кажа так: “Зараз заззяў дзень міласці, настаў дзень радасці, няхай не будзе ніхто віною смутку і горачы для іншага. Гэта дзень бязвоблачны і ясны, няхай супакоіцца і заціхне гнеў – парушальнік міру і  спакою. Гэта дзень, у які Бог сышоў к грэшнікам, няхай жа сароміцца праведнік узносіцца над грэшнікам. Гэта дзень, калі Багаты стаў Жабраком дзеля нас, няхай не пасаромяцца багатыя раздзяляць сваю трапезу з беднымі”.

     Дарагія браты і сёстры! Ад усёй душы віншую Вас са слаўным Ражджаством Хрыстовым. Жадаю, каб адкрыліся нашы сэрцы і ва усёй паўнаце прынялі Госпада, каб з Ім жыць, Яму служыць і з Яго дапамогаю быць лепшымі, чысцейшымі, святлейшымі ўсім нам, нашым гарадам і вёскам, дарагой Айчыне і ўсяму Сусвету.

«Слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, у людзях — добрая воля!» (Лк. 2:14-15).

  З любоўю да Спасіцеля, які нарадзіўся ў свет,

Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі.

1 Comments

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *