Суббота, 23 ноября
Shadow

Ражджэственскае пасланне мiтрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і міранам Беларускай Праваслаўнай Царквы

Абвяшчаю вам радасць вялікую,
якая будзе ўсяму народу:
нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давідавым Спасіцель,
Які ёсць Хрыстос Гасподзь
(Лк. 2: 10-11) 

Праасвяшчэнныя архіпастыры,
высокашаноўныя прасвітары і дыяканы,
пачэсныя інакі і інакіні,
богалюбівая паства Беларускай Праваслаўнай Царквы!

Сардэчна віншую ўсіх вас з вялікім і радасным святам Ражджаства Хрыстовага.

У гэтую светлазарную ноч у свет прыйшоў Хрыстос Спасіцель, каб адкрыць людзям Бога. Святая Царква, абвяшчаючы свету гэтую Бажэственную тайну, пачынае святочную ўрачыстасць словамі: «Прыйдзіце, узрадуемся ў Госпадзе, тайну гэтую раскрываючы».

Вялікую тайну Богаўцялеснення прадказвалі прарокі, пра гэта прапаведавалі апосталы: Бог з’яўляецца ў плоці, каб даць людзям новае нараджэнне, а свету — абнаўленне. Выйшаўшы на пропаведзь, Сам Спасіцель адкрыта сведчыў веруючым у Яго: «Я прыйшоў, каб жыццё мелі, і ўдосталь мелі» (Ін. 10: 10).

Любоў Божая, бязмежная і ўсеахопная, сышла да людзей у Асобе Богадзіцяці Хрыста. Сын Божы сышоў на зямлю, каб даць чалавецтву Бажэственную сілу, «для жыцця і набожнасці» (2 Пят. 1: 3), каб наша грахоўнасць была згладжана Праўдай Божай, каб наша няведанне было прасветлена Святлом Божым. «Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля» (Лк. 2: 14), — Святая Царква, святкуючы Ражджаство Хрыстова, услед за Нябеснымі Сіламі радасна ўслаўляе Госпада нашага Іісуса Хрыста, Які прынёс на зямлю вечнае спасенне, мір і любоў.

Імкненне да міру, згоды і адзінства — маральная патрэба чалавека ва ўсе часы. Мір прынёс чалавецтву Гасподзь наш Іісус Хрыстос — уцялеснены Сын Божы. «Няхай усе будуць адно: як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так няхай і яны ў Нас будуць адно» (Ін. 17: 21), — маліў Ён Свайго Айца Нябеснага. Мірнае адзінства людзей у Адзіным Богу, у адзінай праваслаўнай веры — найвышэйшая мэта, указаная Спасіцелем свету, Які прыйшоў на зямлю. І ўсе мы як верныя дзеці Хрыстовы, дзеці Праваслаўнай Царквы, павінны клапаціцца пра адзінства нашай Царквы.

Зерне веры і набожнасці, пасеянае больш за тысячагоддзе таму на нашай благаславёнай зямлі, з цягам часу вырасла ў магутнае дрэва

Праваслаўя, якое і сёння застаецца асновай нацыянальнага самавызначэння пераважнай большасці насельніцтва трох славянскіх краін — Беларусі, Расіі і Украіны, якая перажывае цяпер трагедыю грамадзянскай вайны. Ва ўмовах палітычнай дэзынтэграцыі Царква для народаў, якія яе складаюць, застаецца змацавальным саюзам. Для праваслаўнага чалавека — гэта адзіная духоўная прастора, якая мае агульны для гэтай часткі Еўропы культурна-цывілізацыйны код.

У адной са сваіх прамоў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл нагадаў тую ісціну, якая была цудоўна выказана ў словах аднаго прападобнага і богаўгоднага чалавека: «Расія, Украіна, Беларусь — гэта і ёсць Святая Русь». Усе мы — беларусы, расіяне і ўкраінцы — павінны ўсведамляць сваю адказнасць за захаванне ўнікальнай цывілізацыйнай прасторы, якая носіць назву — Святая Русь. І ў той жа час гэта зусім не азначае адмаўлення ад ідэі дзяржаўнага суверэнітэту трох славянскіх краін.

Год мінулы, па міласці Божай, прынёс нам нямала духоўнай радасці. Ён быў адзначаны важнымі падзеямі ў жыцці нашай Царквы. Адпаведна з рашэннямі Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і Свяшчэннага Сіноду Рускай Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Беларусі ўтвораны новыя епархіі. Гэта дазволіць усім епархіяльным архіерэям мець больш зносін са сваёй паствай на прыходах, стаць бліжэй да простых вернікаў, дапамагаць пачынаючым вернікам усвядоміць свае духоўныя вытокі, далучаючы іх да этнакультурнай традыцыі нашай краіны, а значыцца — да яе рэлігійнай традыцыі, да Праваслаўя, што будзе спрыяць і працэсу фарміравання прыходаў з актыўным прыходскім жыццём.

Праасвяшчэнныя архіпастыры, узлюбленыя айцы, браты і сёстры! Віншуючы ўсіх вас са светлым святам Ражджаства Хрыстовага, малітоўна жадаю вам невычарапальнай благадатнай дапамогі Божай у далейшай вашай працы на славу Святой Праваслаўнай Царквы, на славу Бацькаўшчыны нашай, на карысць і росквіт зямлі, на якой мы з вамі жывем, на дабро ўсім нашым бліжнім і дальнім. Амінь.

+ ПАВЕЛ

мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *