Среда, 4 декабря
Shadow

«…КСЕНІЯ БЛАЖЭННАЯ БОГАМУДРАЯ, МАЛІСЯ АБ ВЫРАТАВАННІ ДУШ НАШЫХ»

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

6 лютага – дзень памяці святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай. Дзень, калі праваслаўныя вернікі будуць у малітвах славіць святую, а многія знойдуць магчымасць абавязкова наведаць жаночы манастыр у гонар блажэннай Ксеніі Пецярбургскай у вёсцы Барань Барысаўскага раёна, дзе адбудзецца прастольнае свята.

Ікона святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай.

…Паводле народных паданняў, што апублікаваны ў 1840-х гадах, нарадзілася Ксенія Грыгор’ева Пятрова (у будучым святая блажэнная Ксенія) у першай палове XVIII ст., паміж 1719 і 1730 гадамі. Дакладнай інфармацыі пра дату нараджэння, гады дзяцінства і юнацтва няма. Аднак народная памяць захавала расповеды, якой была Ксенія, як жыла, кім стала. Адно з першых Жыціе блажэннай складзена протаіерэем Яўгенам Рахманінавым у Санкт-Пецярбургу ў 1913 годзе.

Бацьку Ксеніі звалі Рыгорам, імя маці, а таксама прозвішчы абодвух бацькоў, на жаль, не вядомы. Вядома, што Ксенія мела дваранскае паходжанне.

Дасягнуўшы паўналецця, Ксенія выйшла замуж за палкоўніка Андрэя Фёдаравіча Пятрова, які служыў пры двары пеўчым. Жылі яны з мужам у Санкт-Пецярбургу на вуліцы, якую пасля назвалі па імені мужа Ксеніі – вуліца Андрэя Пятрова ( з 1877 года – вуліца Лахцінская). Калі Ксеніі было 26 гадоў, Андрэй Фёдаравіч раптоўна сканаў без хрысціянскага пакаяння.

Узрушаная страшным горам, каб вымаліць у Госпада дараванне для душы раптоўна памерлага мужа, удава вырашыла ахвяраваць Богу самае каштоўнае, што ёсць у чалавека, – розум. Здаючыся вар’яткаю, яна адмовілася не толькі ад багацця і ўсіх выгод, але і ад сябе самой, выбраўшы найцяжэйшы хрысціянскі подзвіг. Яна пакінула сваё імя і, прыняўшы імя мужа, прайшла пад яго іменем увесь свой крыжовы шлях, паклаўшы на алтар Божы дары выратавальнай любові да бліжняга.

У дзень пахавання мужа Ксенія апранула яго мундзір і пайшла з дому. Цэлымі днямі Ксенія блукала па вуліцах Пецярбурга. Адклікалася толькі на імя мужа, Андрэя Фёдаравіча, і казала, што ён жывы, а Ксенія памерла.

Удава раздала ўсю маёмасць бедным, а грошы аднесла ў царкву за спачын сваёй душы. Свой дом Ксенія падарыла Параскеве Антонавай, жанчыне, якая здымала ў яе пакой, з умовай даваць у доме прытулак бедным.

Пасля таго як адзенне мужа ад часу спарахнела, яна пачала апранацца ў чырвоную кофту і зялёную спадніцу або ў зялёную кофту і чырвоную спадніцу, а на босых і распухлых ад марозу нагах насіла рваныя чаравікі. Многія прапаноўвалі ёй цёплую вопратку і абутак, але блажэнная Ксенія не згаджалася нічога браць. Юродзівая прымала толькі рэчы чырвонага і зялёнага колеру – у памяць пра колеры форменнай вопраткі мужа.

Міласціну блажэнная Ксенія прымала не ад кожнага, толькі ад добрых і сардэчных людзей. Брала толькі капейкі, якія пасля аддавала такім жа жабракам.

Часам заходзіла да сваіх знаёмых, абедала ў іх і гутарыла з імі. Доўгі час было невядома, дзе яна бавіла ночы. Бывала, бачылі блажэнную на цвінтары царквы ў гонар святога апостала Матфея. Затым высветлілі, што ў любы час года і ў любое надвор’е Ксенія праводзіла ночы ў полі, дзе ва ўкленчанай малітве знаходзілася да світання, адбіваючы зямныя паклоны на ўсе чатыры бакі. А яшчэ ноччу блажэнная Ксенія насіла цэглу для новага мураванага храма, што будаваўся на Смаленскіх могілках у 1780-1784 гадах. І не проста прыносіла, але і складвала яе на рыштаванні. Калі праз некаторы час рабочыя даведаліся, што ім дапамагае блажэнная, яны пыталіся ў Ксеніі: “Калі ты спіш, Андрэй Фёдаравіч?”. “Паспеем выспацца ў зямлі”, – адказвала яна.

Як сведчыць Жыціе святой, з часам людзі заўважылі ў Ксеніі незвычайны дар прароцтва. У словах і ўчынках юродзівай бачыўся глыбокі сэнс. Адзначалі, калі Ксенія прасіла ў чалавека што-небудзь, гэта было знакам будучай вялікай бяды для таго, у каго прасіла. Калі ж некаму юродзівая падавала, у хуткім часе чалавека чакала радасць.

Калі рамізнікі прасілі ў блажэннай дазволу крыху падвезці яе, выручка была забяспечана. Гандляры на кірмашах імкнуліся даць ёй хлеб або якую-небудзь ежу, і калі блажэнная нешта брала, то ўвесь тавар хутка распрадаваўся.

Сваёй пакорлівасцю, подзвігам духоўнага і цялеснага юродства, любові да бліжняга і малітваю блажэнная здабыла жыватворны дар прароцтва, якім дапамагала людзям у іх жыццёвым уладкаванні і выратаванні душы.

Аднойчы блажэнная Ксенія паклапацілася пра выратаванне яшчэ не народжанага немаўляці. Паводле Жыція святой, сваёй былой кватарантцы, Параскеве Антонавай, Ксенія прадказала з’яўленне сына, загадаўшы, каб тая неадкладна адпраўлялася на могілкі: там яе чакае дзіця. Параскева здзівілася, але паслухала блажэнную і пайшла. Каля могілак убачыла натоўп народу. Падышоўшы, даведалася, што нейкі рамізнік збіў з ног цяжарную жанчыну, якая тут жа нарадзіла хлопчыка і памерла на месцы. Родзічаў памерлай не знайшлі. І Параскева забрала дзіця на выхаванне, усынавіла хлопчыка. Прыёмны сын любіў і апекаваў яе да самай старасці.

Вядомыя выпадкі, калі блажэнная прадказала час скону імператрыцы Лізаветы Пятроўны, а незнаёмай дзяўчыне дапамагла пазбегнуць шлюбу з былым катаржнікам, які выдаваў сябе за забітага ім палкоўніка.

Жанчыны верылі, калі блажэнная пагладзіць малое па галаве, тое адразу выздаравее. Радаваліся, калі Ксенія цалавала іх дзяцей…

Блажэнная Ксенія правяла ў юродстве 45 гадоў і памерла прыкладна паміж 1777 і 1803 гадамі. Пахавалі яе на Смаленскіх могілках у Санкт-Пецярбургу. Менавіта там блажэнная дапамагала будаваць царкву ў імя іконы Смаленскай Божай Маці.

Паломніцтва на магілу блажэннай Ксеніі пачалося з 1820 года. Праз некаторы час на магіле Ксеніі пабудавалі невялічкую капліцу, а ў 1902 годзе ўзвялі прасторную, каменную. Мошчы блажэннай Ксеніі Пецярбургскай знаходзяцца ў капліцы пад спудам (пад зямлёй). 

Капліца святой Ксеніі Блажэннай на Смаленскіх могілках у Санкт-Пецярбургу, пабудаваная на месцы яе пахавання.

Пры савецкай уладзе капліцу двойчы закрывалі, у 1940 і 1962 гадах. У 1983 годзе яе вярнулі РПЦ. Сёння капліца святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай з’яўляецца адной з галоўных святынь горада. На сцяне – мармуровая пліта з надпісам: “Во имя Отца и Сына и Святого Духа. В сей часовне погребена раба Божия Блаженная Ксения Григорьевна жена певчего Андрея Федоровича. Оставшись после мужа 26 лет, странствовала 45 лет. Звалась во вдовстве именем мужа: Андрей Федорович. Всего жития ея было на земле 71 год. В 1794–1796 году принимала участие в построении Смоленской церкви, тайно по ночам таская на своих плечах кирпичи для строящейся церкви. «Кто меня знал, да помянет мою душу для спасения своей души». Аминь.”

Круглы год ідуць паломнікі да капліцы Ксеніі Пецярбургскай на Смаленскіх могілках. Людзі прыязджаюць з розных краін, каб пакланіцца месцу спачыну святой блажэннай Ксеніі, дакрануцца рукою да сцяны капліцы і папрасіць дапамогі ў блажэннай.

У 2019 годзе ў Санкт-Пецярбургу на вуліцы Лахцінскай асвечаны храм у гонар святой блажэннай Ксеніі. Мяркуюць, што на тым месцы некалі знаходзіўся дом, дзе жыла Ксенія разам з мужам.

З часу смерці блажэннай Ксеніі прайшло каля двух стагоддзяў, аднак цуды, што адбываюцца па малітвах божай угодніцы, і народная любоў да яе не знікае.

У памяць пра святую блажэнную Ксенію Пецярбургскую пабудаваны манастыры, храмы, капліцы.

Першы манастыр у гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай заснаваны ў жніўні 2002 года па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Філарэта, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Партыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ў вёсцы Барань Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.

Жылы корпус манастыра.

Невялікая вёсачка Барань, што размяшчаецца сярод беларускіх лясоў і шматлікіх рачулак, некалі з’яўлялася мястэчкам. У цэнтры яго, на плошчы, стаяла старажытная царква ў гонар Пакроваў Прасвятой Багародзіцы.

Насупраць царквы ў ХІХ ст. пабудавалі царкоўнапрыходскую школу. Жыццё ў мястэчку кіпела. Асабліва падчас шматлюдных кірмашоў, што ладзіліся на базарнай плошчы летам, на Сёмуху, і ўвосень, на свята Пакроваў.

За мястэчкам, на могілках, размяшчалася царква ў гонар святога Іллі Прарока. Трэба сказаць, што ў баранскі прыход некалі ўваходзіла 22 вёскі, дзе жыло каля трох тысяч чалавек. Вернікі мелі магчымасць наведваць цэрквы, якіх у прыходзе было 12.

Як і шмат часу таму, многія вернікі лічаць гэтую мясціну святой. Тут ёсць нават свой шлях, які ў народзе называюць Полацкай дарогай. Кажуць, што святая Еўфрасіння Полацкая вярталася ў свой манастыр менавіта праз Барань. І нават набірала ў крыніцы ваду.

Пакроўская царква ў в. Барань. Пачатак ХХ ст.

У савецкія часы Пакроўскую царкву закрылі і ператварылі ў клуб. У 1930-я гады гэтую царкву, як і ўсе іншыя ў акрузе, разбурылі. Прыкладна на 30 кіламетраў ад вёскі Барань не засталося ніводнага храма. Царкву ў гонар святога Іллі Прарока знеслі бульдозерам. Старажылы паказваюць у лесе на “царкоўнішчы” – тыя мясціны, дзе некалі стаялі храмы.

На месцы старажытных могілак замест разбуранай Ільінскай царквы пабудавалі сельскую школу. З гадамі гэтая школа апусцела і яе закрылі. Моладзь старалася пакінуць вёску, дзе з кожным годам станавілася ўсё меней людзей. Як распавядаюць мясцовыя жыхары, на месцы Ільінскай царквы з часам была адноўлена капліца ў гонар святога прарока Іллі.

…Вяртанне да духоўнага жыцця жыхароў вёскі Барань і навакольных вёсак пачалося ў 90-х гадах ХХ ст. Вернікі аб’ядналіся пад кіраўніцтвам зямлячкі Інэсы Кончык, адной з заснавальнікаў Рэспубліканскага цэнтра праваслаўнай асветы ў імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Менавіта яна па волі лёсу прыняла рашэнне аднавіць разбураную святыню ў Барані.

У 1990 годзе група вернікаў стварыла праваслаўную суполку ў імя святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай. Абавязкі настаяцеля суполкі выконваў на той час благачынны цэркваў Барысаўскай акругі протаіерэй Іаан Місяюк [адышоў да Госпада 27 лютага 2018 года – З.П.]. Суполка прыняла рашэнне будаваць царкву ў гонар святой.

Восенню 1995 года непадалёк ад старэнькай капліцы ў імя святога прарока Іллі быў уладкаваны паклонны крыж, пачалося будаўніцтва царквы ў гонар блажэннай Ксеніі Пецярбургскай.

Агульнымі намаганнямі жыхары навакольных вёсак пабудавалі невялікую Пакроўскую царкву, крыху далей ад таго месца, дзе яна размяшчалася. Сярод густога лесу ў невялікім новым храме пачаліся набажэнствы, запаліліся лампады, загучалі малітвы.

У 1997 годзе пры прыходзе святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай арганізавана белае сястрыцтва, на аснове якога і быў пасля створаны манастыр. Дзякуючы хадайніцтву протаіерэя Іаана Місеюка, у 1998 годзе пад корпус для сястрыцтва мясцовыя ўлады дазволілі бязвыплатна перадаць з балансу раённага аддзела адукацыі былы будынак Баранскай школы, надворных пабудоў і сталовай.

Крыху ўладкаваўшы памяшканне, сёстры засяліліся. З першых дзён заснавання манастыра на працягу двух гадоў (з 2002 па 2004) акармляла сясцёр матушка Фамаіда (Стрэльнікава).

Храм у гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай і ніжні храм у гонар святога прападобнага Серафіма Сароўскага.

Быў асвечаны галоўны храм манастыра, у гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай, які мае два прыдзелы: верхні – у гонар нябеснай заступніцы манастыра святой блажэннай Ксеніі і ніжні – у гонар прападобнага Серафіма Сароўскага.

Побач са Свята-Ксеніеўскім храмам на месцы колішняй драўлянай капліцы ў імя прарока Божага Іллі пабудавана каменная царква ў гонар святога вялікапакутніка Георгія Пераможца (асвечана ў 2003 годзе).

Царква ў гонар святога вялікапакутніка Георгія Пераможца.

У 2004 годзе ігуменняй прызначана манахіня Васілісса (Мядзведзь), якая натхнёна ўзялася за будаўніцтва і ўладкаванне новага манастыра. На вялікі жаль, матушка Васілісса трагічна загінула 5 студзеня 2017 года. Пэўны час абавязкі ігуменні выконвала манахіня Іна (Сушкевіч). Цяпер ігуменняй манастыра прызначана Яўпраксія (Зубава).

Літыя на магіле ігуменні Васіліссы.

У лістападзе 2007 года на тэрыторыі манастыра адбылося няшчасце. Згарэў жылы корпус, што размяшчаўся ў будынку старой школы. Насельніцы паспелі выбегчы, але пажар быў настолькі імгненны, што выратаваць практычна нічога не ўдалося.

Многія людзі, даведаўшыся пра пажар, адгукнуліся на бяду, ахвяравалі сродкі, і ўжо ў снежні 2007 года была расчышчана тэрыторыя для будаўніцтва новага корпуса каля храма ў гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай, набыты блокі.

На месцы згарэлага корпуса ўстанавілі драўляны паклонны крыж, а праз некаторы час уладкавалі вялікі кветнік.

Цудатворная ікона святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай.

У час пажару святая блажэнная Ксенія паказала вернікам яшчэ адзін цуд. На месцы папялішча быў знойдзены аплаўлены металічны сейф, на якім у келлі да пажару стаяла пісаная ікона святой блажэннай Ксеніі. На шчасце, ікона святой засталася амаль не пашкоджанай, толькі невялікая цёмная адмеціна справа на ківоце, ды крыху ўзнялася фарба на іконе, хоць пры гэтым не страціла сваёй яркасці.

Цяпер на месцы згарэлага манастырскага корпуса (месца старажытных царкоўных могілак, дзе размяшчалася царква Іллі Прарока) узводзіцца храм у стылі паўночнага рускага храмавага дойлідства – драўляная царква Пакроваў Прасвятой Багародзіцы.

Будаўніцтва храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы.

Пры манастыры заснавана белае сястрыцтва ў гонар трох блажэнных: Ксеніі Пецярбургскай, Матроны Маскоўскай і Валянціны Мінскай, дзе нясуць паслушэнства 25 сясцёр міласэрнасці. Штодня ў манастыры здзяйсняецца Божая Літургія, служацца акафісты святым заступнікам манастыра, днём і ноччу чытаецца Псалтыр.

На тэрыторыі манастыра пабудаваны корпус з вялікай трапезнай для насельніц і гасцей, былы клуб пераабсталяваны пад трапезную для паломнікаў.

Каля дарогі, паміж вясковым падвор’ем і самім манастыром, бруіцца крыніца ў гонар блажэннай Ксеніі. Абсталявана крытай купеллю, зручнымі сходамі да вады. Побач з крыніцай будуецца драўляная капліца ў імя Святога Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана.

Крыніца ў гонар блажэннай Ксеніі Пецярбургскай.

З 2014 года вядзецца будаўніцтва вялікага храма, які прымыкае да Ксеніеўскага храма, у гонар іконы Божай Маці “Эканаміса” (“Домабудаўніца”), у якім будуць прыдзелы ў гонар прарока Божага Іллі і свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага.

Жаночы манастыр у гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай мае вялікае духоўнае значэнне. Манастыр праводзіць значную асветніцкую і сацыяльную работу. Пад яго апекай знаходзяцца дзеці-сіроты; хворыя наркаманіяй і алкагалізмам, якія жадаюць з Божай дапамогай пазбавіцца ад сваіх душэўных і цялесных хвароб. У час канікул на тэрыторыі манастыра дзейнічае праваслаўны летнік для вучняў сталічных школ і дзяцей з Барысава і Барысаўскага раёна. Ладзяцца калядныя і велікодныя святы для дзяцей.

Манастыр аказвае падтрымку і жыхарам вёскі. Старым і нямоглым дапамагае ў вядзенні гаспадаркі, маладым прадастаўляе працоўныя месцы. Дзякуючы манастыру вёска ажыла. Вернікі і ў гэтым бачаць праяўленне клопату святой Ксеніі пра людзей.

У 2015 годзе манастыру перададзены храм-капліца ў гонар святых Царскіх Пакутнікаў у в. Юзафова Барысаўскага раёна, пры якім таксама арганізавалі манастырскае падвор’е.

Значныя манастырскія ўгоддзі ўтрымліваюцца працаю сясцёр і работнікаў, добраахвотных памочнікаў, якія прыязджаюць папрацаваць на славу Божую. Закладзены фруктовы сад на 800 дрэў, высаджана больш за 1050 кустоў парэчкі, даглядаецца пчальнік, уласная гаспадарка. У вялікіх цяпліцах расце гародніна. Сабраная на манастырскіх палях пшаніца выкарыстоўваецца для выпечкі богаслужэбных прасфор і хлеба. Хлеб пячэцца па старадаўніх рэцэптах на заквасцы з даданнем мёду з уласнага пчальніка.

Манастырскае падвор’е.

У святочныя дні, асабліва ў прастольныя святы, манастыр прымае шмат гасцей, якія прыязджаюць з розных мясцін, каб пакланіцца святыням, прыпасці да цудадзейных абразоў і папрасіць заступніцтва ў святой Ксеніі.

Наведвальнікі жаночага манастыра блажэннай Ксеніі Пецярбургскай маюць магчымасць пакланіцца часцінцы Жыватворнага Крыжа Гасподняга; цудатворнай іконе святой Ксеніі, ацалелай падчас пажару; абразу Манрэальскай Іверскай Божай Маці, прывезенаму са Святой Гары Афон (пры пажары згарэла рама і заднік, а сама выява засталася некранутай); старажытнай іконе святога Вялікапакутніка і Пераможца Георгія, на якой на вачах у вернікаў абнавіліся фарбы…

Сярод святыняў манастыра таксама часцінкі мошчаў святых угоднікаў Божых: св.пр. Сафіі Слуцкай, св.прп. Еўфрасінні Полацкай, пр. Серафіма, Сароўскага цудатворца; свп. Уладзіміра, мітрапаліта Кіеўскага, св. Феадосія Чарнігаўскага, прп. Васіля Пячэрскага, 12 дойлідаў Кіева-Пячэрскія Вялікія цэрквы, прпп. Івоны і Клімента Звярынецкіх, прпп. Алексія Галасееўскага, Лаўрэнція Чарнігаўскага і Феафіла Кіева-Пячэрскага…

Ад сталіцы Беларусі Мінска вёска Барань знаходзіцца прыкладна за 120 кіламетраў. Размешчана за 35 км на паўночны ўсход ад г. Барысава.

Дабрацца да жаночага манастыра святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай можна як грамадскім, так і ўласным транспартам.

З Мінска даехаць (з перасадкай) да манастыра можна электрычкамі, а таксама аўтобусамі ці на маршрутным таксі (з ДС “Славінскага”) да г. Барысава. З аўтавакзала г. Барысава да вёскі Барань – прыгараднымі аўтобусамі: Барысаў – Мхерына (7.20, 13.20, 17.20, штодня); Барысаў – Сялец (6.10, 15.10, штодня, акрамя аўторка і чацвярга); Барысаў – Капачоўка (6.30, 16.50, пятніца, субота, нядзеля).

Уласным транспартам з Мінска дабірацца неабходна праз г. Барысаў па трасе Р53, якая змяняе трасу М2 каля Кургана Славы. Пасля г. Барысава, праз 1-2 км, неабходна звярнуць з дарогі Р53 налева (па кірунку да вёскі Неманіца).

Дні памяці святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай: 6 лютага (дзень ангела) і 6 чэрвеня (дзень праслаўлення). Менавіта 6 чэрвеня 1988 года пасля шматгадовага ўшанавання блажэнная Ксенія Пецярбургская была далучана да ліку святых на Памесным саборы Рускай Праваслаўнай Царквы.

…Адмовіўшыся ад мітусні зямнога жыцця, падняла святая блажэнная Ксенія Пецярбургская крыж бяздомнага жыцця. Не пабаялася страт, нястач, часам людскіх кпінаў, пазнала любоў да Госпада і цяпер на Нябёсах моліцца за выратаванне душ нашых.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстана публікацыя паслушніцы манастыра Таццяны Кладзіевай “Свята-Ксениевский женский монастырь в д. Барань” (сайт obitel-minsk.ru, 15.09.2021).

Падрыхтавала і пераклала матэрыял на беларускую мову для сайта oroik.by Зоя ПАДЛІПСКАЯ.

Крыніцы: