Той, хто пабаяўся смерці, перамог і адолеў смерць, бо Ён, Бог наш, успрыняў пакутлівую адушаўлёную плоць і, уступіўшы ў барацьбу з мучыцелем, усіх с Сабою ўваскрасіў, бо Ён праславіўся.
Трапар 1-й песні ўваскрэснага канона,
Актоіх, глас 3
Узлюбленыя ў Хрысце высокашаноўныя архіпастыры,
пачэсныя айцы, богалюбівыя інакі і інакіні,
дарагія браты і сёстры!
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!
Гэты святочны вокліч, прамоўлены святымі апосталамі і жанчынамі-міраносіцамі, якія даведаліся пра ўваскрасенне свайго Вучыцеля і Госпада Іісуса Хрыста, і цяпер напаўняе нашы сэрцы благагавеннем і радасцю, як бы часта мы яго ні паўтаралі. Разам са свяціцелем Кірылам Тураўскім мы ў пасхальнай радасці звяртаемся да Спасіцеля нашага: «Учора з разбойнікам мы распіналіся разам з Табою, а сёння ўваскрэслі разам з Табою! … Учора з Нікадзімам з Крыжа здымалі Цябе, а сёння з Магдалінай бачым Цябе ўваскрэслага; учора з Іосіфам клалі Цябе ў магілу, а сёння падобна таму, як быццам Марыя чуем ад Цябе радасныя словы: «Ідзіце, абвясціце братам Маім, каб пайшлі ў Галілею; і там яны ўбачаць Мяне» (Мф. 28:10).
Прападобны Амвросій Опцінскі заклікае нас «належным чынам зразумець значэнне свята Пасхі Хрыстовай і належным чынам яго святкаваць». З гэтай мэтай звернемся да зямнога служэння Спасіцеля, якое з першых дзён ішло да Распяцця і Ўваскрасення. Тры з паловай гады раздзяляла Хрышчэнне ў Іардане ад Галгофы, але ў гэты нядоўгі перыяд кожны ўздых Свой, кожнае слова і ўчынак Гасподзь цалкам прысвячаў справе выкуплення чалавечага роду, і для нашага спасення паказаў Ён столькі чалавекалюбства.
Святыя айцы называюць Хрыста другім Адамам, Які прыйшоў на зямлю, каб выправіць тое, што было разбурана праайцом. Аднак паслухмянасць Хрыста Свайму Айцу патрабавала большых намаганняў, чым выкананне запаведзяў, якіх павінен быў прытрымлівацца Адам.
Сын Божы ва ўсім суадносіў Сваю чалавечую волю з воляй Айца Нябеснага. Неаднаразова Ён сведчыў аб сваім чаканні, калі, узнесены на Крыж, Ён зможа сказаць: «Здзейснілася!». Але і на Галгофу Ён узыходзіць толькі тады, калі ўсе зямныя ўмовы Яго подзвігу былі выкананы, і калі на Крыж, паводле слова свяціцеля Філарэта (Драздова), Яго паклікала любоў Айца, паклікала на распяцце.
Іісус Хрыстос па чалавецтву меў страх пакут і смерці, але пераадолеў прыродную немач дзеля паслухмянасці Айцу Нябеснаму і спасення людзей ад граху, вечнай смерці і пракляцця: «ўпакорыў Сябе і быў паслухмяны нават да смерці, і смерці крыжовай» (Флп. 2:8), паказаўшы вялікі прыклад для ўсіх Сваіх паслядоўнікаў.
Падзеі, якія папярэднічалі Ўваскрасенню, з аднаго боку, паказваюць нам, што зрабіў грэх з чалавечай прыродай, бо не было на зямлі граху больш страшнага, чым забойства Сына Божага. Але, з іншага боку, менавіта гэты самы нізкі ўзровень падзення чалавека і самы вышэйшы трыумф ворага роду чалавечага становяцца пераломным момантам зямной гісторыі. Перамога адбываецца дзякуючы спасіцельнаму подзвігу Богачалавека, Яго пакутам і ўваскрасенню і адкрывае нам бясконцыя перспектывы духоўна-маральнага ўдасканалення і яднання з Богам. Уваскрэснуць з Хрыстом змогуць усе, якія кіруюцца Яго вучэннем, вобразам думак і паводзін.
Жыццё і подзвіг Спасіцеля – ідэал для ўсіх часоў і для ўсіх народаў. Гэты ідэал адлюстраваны ў Евангеллях, якія неабходна кожнаму хрысціяніну чытаць і кіравацца імі ў сваім паўсядзённым жыцці. Паводле слова прамудрага Саламона, «захоўванне законаў… – залог неўміручасці» (Прам. 6:18). Адно з самых вялікіх няшчасцяў сучаснага чалавека ў тым, што вывучэнне законаў, якія вядуць да правільнага і гарманічнага зямнога жыцця, якое прыводзіць да жыцця вечнага, – пакінута ім і забыта.
Гармонія ў асобнай чалавечай душы і разам з тым добрыя змены ў грамадскім жыцці магчымыя тады, калі кожны з нас будзе ўзгадняць сваю волю з воляй Божаю і інтарэсамі другіх людзей. У прападобнага Аввы Дарафея ёсць дзівосны вобраз, які тлумачыць гэтую ісціну. Свет – гэта круг, у цэнтры якога Бог. Праменні, накіраваныя да цэнтра, – гэта шляхі жыцця чалавечага. Чым бліжэй мы да цэнтра, чым больш адкрываем сэрца для Бога, тым становімся бліжэй адзін да аднаго.
Дарагія ў Госпадзе браты і сёстры! Віншую Вас з Уваскрасеннем Хрыстовым і жадаю, каб кожнае сэрца прасвяцілася святлом Хрыстовага вучэння, каб усе нашы ўчынкі трымаліся закону Божай любові. Праз малітву Хрысту Ўваскрэсламу няхай мы ўбачым шлях добрага абнаўлення, які прывядзе нас да згоды і адзінства ў нашых семʼях, працоўных калектывах, ва ўсім нашым грамадстве. Малітоўна жадаю вам душэўнага і цялеснага здароўя і дапамогі Божай на ўсіх шляхах вашага жыцця. Няхай зберажэ Гасподзь нашу краіну і няхай прасвяціць кожнага з нас Сваёю ісцінаю і праўдаю!
Хрыстос Уваскрэс!
Сапраўды Уваскрэс!
+ ВЕНІЯМІН,
мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі,
кіруючы Барысаўскай епархіяй
Пасха Хрыстова, 2021
горад Мінск
Пасхальное послание 2021 на русском языке