Пятница, 22 ноября
Shadow

Свяшчэннапакутнік Сергій Радакоўскi

Святар Сергій Радакоўскі нарадзіўся ў 1882 годзе ў мястэчку Жыткавічы Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер раённы цэнтр Гомельскай вобласці) у сям’і псаломшчыка. Яго бацька, Пётр Радакоўскі, скончыўшы Пінскае духоўнае вучылішча, служыў у Свята-Траецкай царкве ў Жыткавічах.

Сергій Радакоўскі падчас навучання.
Сергій Радакоўскі падчас навучання.

Пра дзяцінства і юнацтва Сергія Радакоўскага нічога невядома. Можна меркаваць, што ён рос вельмі здольным хлопчыкам, бо паступіўшы ў Мінскую духоўную семінарыю, скончыў яе ў 1904 годзе па 1-ым разрадзе ў ліку самых лепшых вучняў. У тым жа годзе яго рукапалажылі ў іерэі.

Мінская духоўная семінарыя.

Жонка святара Сергія, матушка Ксенія Чарняўская, была роднай сястрой святой блажэннай Валянціны Мінскай і Ганны, жонкі святара Васіля Сцяпуры. Бацька сясцёр, Фёдар Чарняўскі, быў таксама святаром. Дарэчы, і дзед (па лініі маці) Ксеніі, Валянціны і Ганны, Пётр Свірскі, быў святаром.

Айцец Сергій Радакоўскі з матушкай Ксеніяй Фёдараўнай.
Айцец Сергій Радакоўскі з матушкай Ксеніяй Фёдараўнай.

Многія з блізкіх і сваякоў айца Сергія  пацярпелі ў час рэпрэсій у пачатку 1930-х гадоў. Як вядома, у 1931 годзе па надуманым абвінавачванні ў адпаведнасці з рашэннем “суда” выслалі ў лагер Фёдара Васільевіча Сулкоўскага, мужа блажэннай Валянціны Мінскай. Непадалёку ад станцыі Поцьма Маскоўска-Казанскай чыгункі Фёдар Васільевіч  прабыў да 1933 года, пасля атрымаў дазвол выехаць у Астрахань на вольнае пасяленне, але тут яго зноў арыштавалі і выслалі на Далёкі Усход, дзе ён і загінуў.

Муж другой сястры матушкі Ксеніі Фёдараўны, Ганны, святар Васіль Сцяпура, быў арыштаваны ў 1933 годзе і высланы ў Казахстан, у Караганду, дзе памёр ад голаду. У тым жа 1933 годзе будзе расстраляны і сам айцец Сергій Радакоўскі.  А пакуль яго пакуты яшчэ наперадзе…

Святар Васіль Сцяпура з жонкай Ганнай і дочкамі Ірынай (стаіць на крэсле) і Лілай.
Святар Васіль Сцяпура з жонкай Ганнай і дочкамі Ірынай (стаіць на крэсле) і Лілай.

У 1908 годзе айца Сергія Радакоўскага прызначаюць настаяцелем царквы Успення Божай Маці вёскі Лаўрышава Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці), дзе ён служыў роўна дзесяць гадоў.

У пачатку Першай сусветнай вайны айцец Сергій выехаў у горад Пераяслаўль, дзе служыў святаром санітарнага цягніка, а ў перыяд з 1916 па 1917 гады быў палкавым святаром.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі святар вяртаецца ў горад Мінск і па благаславенні епіскапа Георгія (Ярашэўскага) прызначаецца настаяцелем Свята-Траецкай царквы ў вёсцы Таль Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Любанскі раён Мінскай вобласці).

Усё далейшае жыццё айца Сергія аказалася непарыўна звязана са служэннем на ніве духоўнага акармлення вернікаў Тальскай царквы.

Жывучы ў Талі, айцец Сергій няўхільна выконваў свае пастырскія абавязкі, да апошняй магчымасці імкнучыся захаваць тут жыццядзейсны прыход. Гэта стала асабліва складаным у канцы 1920-х гадоў у сувязі з непамерна завышаным падаходным падаткам, які патрабавалася выплочваць за служэнне ў царкве. З дапамогай вельмі высокага падаткаабкладання прадстаўнікі ўлады імкнуліся закрыць храм.

У дакументах таго часу ёсць сведчанне, што 16 сакавіка 1929 года прадстаўнікамі райвыканкама і сельскага савета ў прысутнасці настаяцеля протаіерэя Сергія Радакоўскага і прыхаджан з царквы вёскі Таль былі канфіскаваны кнігі, ведамасці і іншыя дакументы (усяго 60 адзінак). Паводле акта канфіскацыі: царква драўляная, старая, іканастас 3-ярусны. Пры царкве знаходзілася вартоўня. Зямлі было 480 квадратных сажняў.

У выніку айца Сергія арыштавалі ў 1930 годзе і за нявыплату падатку адправілі на прымусовую працу па нарыхтоўцы лесу. Знаходзячыся на лесапавале, ён у прыватнай гутарцы неяк сказаў: “… чаму савецкая ўлада не накладвае нормы па нарыхтоўцы на рабінаў, а ўсё на святароў?” Гэтыя словы залічыліся яму пазней у “віну”.

Шэсць месяцаў айцец Сергій адбываў прымусовую працу, пасля чаго вярнуўся ў Таль і зноў прыступіў да выканання сваіх святарскіх абавязкаў. Да гэтага часу ў яго канфіскавалі дом, і святар вымушаны быў разам з сям’ёй вандраваць па суседзях, не маючы нідзе пастаяннага прытулку.

У студзені 1933 года арыштавалі старасту тальскай Свята-Траецкай царквы Кашко Якава Фёдаравіча. Ён быў жанаты, меў пяцёра дзяцей. Яго арыштавалі 8 студзеня 1933 года. Амаль праз месяц, 14 лютага 1933 года, Якаў Фёдаравіч быў асуджаны калегіяй АДПУ за “антысавецкую агітацыю і прапаганду” на 10 гадоў ВПК з канфіскацыяй маёмасці. Таксама была рэпрасавана і яго сям’я. Стараста памёр, знаходзячыся ў турме. Айцец Сергій сам адпяваў яго.

Кашко Якаў Фёдаравіч рэабілітаваны 31 сакавіка 1962 года прэзідыумам Мінскага абласнога суда.

…Імкнучыся як мага хутчэй зноў арыштаваць айца Сергія, улады пачалі распаўсюджваць пра яго самыя недарэчныя чуткі. Праз падстаўных асобаў сцвярджалася, што айцец Сергій чакае праезду праз вёску Таль Рымскага папы. Вядома, гэта было абсалютнае глупства. Але такі быў той час, што ўлады, выкарыстаўшы гэта, 20 лютага 1933 года арыштавалі протаіерэя Сергія па абвінавачванні ў тым, што ён “… падчас разгортвання калектывізацыі ў вёсцы Таль павёў актыўную контррэвалюцыйную працу на зрыў такой <…> ініцыятар распаўсюджвання версіі пра прыезд у Беларусь Рымскага папы, які збірае вялікія хросныя ходы …”.

У лютым 1933 года, выконваючы заданні па лесанарыхтоўках, скардзіўся на дрэннае жыццё пры савецкай уладзе, кажучы: “Надышоў час, даводзіцца і мне павазіць дровы… каторы ўжо год я пакутую …”. У тым жа лютым 1933 года, хаваючы царкоўнага старасту, калі плакалі жанчыны, казаў: “Не плачце, ён пакутаваў за Хрыста, памёр у зняволенні …”.

Падчас допыту айцец Сергій сказаў, што вінаватым сябе не прызнае: добра ведаючы як святар Евангелле, ён у ім не знаходзіць ніякіх указанняў на форму дзяржаўнага ладу і тым больш землеўпарадкавання, таму выступаць супраць калектывізацыі на падставе Евангелля не мог. Евангелле гаворыць пра маральныя адносіны людзей і іх развіццё.

 “Як свядомы грамадзянін і хрысціянін не праводзіў ніякай агітацыі супраць савецкай улады, і ўказанне на тое, быццам я, ловячы рыбу з Сямёнам Сцебуном, казаў, што ўлада хутка падзе, ужо таму не адпавядае праўдзе, што я з ім ніколі рыбы не лавіў, а такім чынам, яго сведчанні лжывыя ….

Пры пахаванні Афанасія Муравейкі … я мог зрабіць заўвагі тым, хто стаяў у галаўных уборах, – гэта магло быць, але паказваць на тое, што да гэтага давяла савецкая ўлада, я не мог, бо лічыў бы гэта агітацыяй … Пры размове … мной сказана … што да мяне з’яўляўся на кватэру прадстаўнік РВКа … разам з членам сельсавета … і прапаноўваў адмовіцца ад святарства і паслужыць савецкай уладзе, на што я адказаў, што, будучы вернікам, на сябе маску надзець не магу і, пакуль ёсць вернікі і ёсць магчымасць, буду працягваць свяшчэннаслужэнне. Лічыць сябе прарокам і паказваць, што хутка будзе вайна, я не магу. У царкву разам з жонкай я прыходжу адным з першых, а роўна і сыходжу дадому апошнім, так што тых, хто суправаджае мяне, амаль ніколі не бывае; указанне на тое, што 30 красавіка 1932 года пры вяртанні дамоў я вёў агітацыю з тымі, хто суправаджаў мяне, лічу хлуснёй …

Адной з прычын ухілення ад уступлення ў калектыў лічу тое, што прадстаўнікі мясцовай улады спачатку стварэння калектыву ўдарылі і па рэлігійных пачуццях вернікаў … многія сталі думаюць, што ўступіць у калектыў – гэта значыць адмовіцца ад веры, тым больш што ў той час і на мяне, як прадстаўніка абшчыны вернікаў, пасылаліся ўсе, як кажуць, беды: непасільны падатак, амаль у паўтара раза больш за даходнасць; суд, высяленне з дома, які прыхаджане купілі ў 1927 годзе для святара; пазбаўленне маёмасці, так што былі адабраны мой апошні ложак, чыгуны і іншае (пра што была пададзена скарга пракурору, адказу на якую да гэтага часу не маю), і прымусовыя работы на працягу шасці месяцаў.

Без сумневу, усё гэта ўплывала на вернікаў, якія глядзелі на мяне, як на пакутніка за веру. Пры надзяленні калгаса зямлёй, калі там адбываліся беспарадкі, я знаходзіўся на работах і прыязджаў дадому толькі для здзяйснення набажэнства і неабходных трэб. Здзяйсняючы ў цяперашні час трэбы як для аднаасобнікаў, так і для калектывістаў, я не раблю ніякай розніцы паміж імі; ні адзін з тых, хто ўвайшоў у калектыў, не можа паскардзіцца на іншае стаўленне да сябе як да аднаасобніка; як на адных, так і на другіх я гляджу з іх маральнага боку … тое, што чалавек, які ўступіў у калектыў, павінен быць няверуючым, я лічыў такое меркаванне няправільным … Для пераканання іншых дапускаюцца меры пераканання, а не прымусу. Завяршаючы, магу сказаць, што прад’яўленыя мне абвінавачванні лічу лжывымі”.

24 сакавіка протаіерэй Сергій быў дапытаны ў апошні раз. Чуткі пра тое, што будзе ехаць Рымскі папа па вёсцы Таль хадзілі, – сказаў ён, адказваючы на пытанні следчага. – Ад каго чуў, не ведаю: я над гэтым толькі пасмяяўся … вінаватым сябе ў прад’яўленым мне абвінавачванні не прызнаю”.

Неўзабаве пасля арышту протаіерэя Сергія Радакоўскага Свята-Траецкая царква ў вёсцы Таль была закрыта і разабрана. За дбайнае служэнне Богу протаіерэя Сергія напаткала доля многіх святароў таго часу.

Свята-Траецкая царква (адбудаваная) у вёсцы Таль Любанскага раёна.
Свята-Траецкая царква (адбудаваная) у вёсцы Таль Любанскага раёна.

У адпаведнасці з пастановай калегіі АДПУ 21 красавіка 1933 года протаіерэй Сергій Радакоўскі і новы стараста тальскай царквы Аляксей Муравейка, 1874 года нараджэння, асуджаныя за “антысавецкую агітацыю” і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Абодва яны былі расстраляны і пахаваны ў невядомай магіле, прыняўшы пакутніцкую смерць за вызнанне веры ў Госпада і Спаса нашага Ісуса Хрыста.

Свяшчэннапакутнік Сергій Радакоўскі.
Свяшчэннапакутнік Сергій Радакоўскі.

Айцец Сергій Радакоўскі рэабілітаваны пракуратурай Мінскай вобласці 23 лістапада 1989 года.

Аляксей Фёдаравіч Муравейка рэабілітаваны пракуратурай Мінскай вобласці 27 снежня 1989 года.

Протаіерэй Сергій Радакоўскі далучаны да ліку мясцовашануемых святых пастановай Сінода Беларускага Экзархата ад 28 кастрычніка 1999 года, праслаўлены для агульнацаркоўнага шанавання Архіерэйскім юбілейным Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы 2000 года.

Дні памяці:

Нядзеля 7-га лютага ці бліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і спавядальнікаў Царквы Рускай.

21 красавіка – у дзень прысуду да расстрэлу свяшчэннапакутніка Сергія Радакоўскага, прасвітара Тальскага.

Нядзеля 3-я па Пяцідзясятніцы – Сабор Беларускіх святых.

Нядзеля 28 кастрычніка або бліжэйшая наступная нядзеля – Сабор новапакутнікаў і спавядальнікаў зямлі Беларускай.

Падрыхтоўка і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Ларысы ПШАНІЧНАЙ.

Крыніцы:

  • http: // sluck-eparchiya.by
  • https://lyuban.gov.by
  • http://www.glusk.by
  • https: //wiki bobr.by
  • https: //аzbyka.ru
  • http: //www. turov.by
  • Кривонос Феодор, священник. Жития священномучеников Минской епархии (1-я половина XX века). Минск: издатель В.М. Скакун, 2002. – С. 67 – 72.
  • Маракоў, Л. Рэпрасаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі. 1917 – 1967. Энцыклапедычны даведнік у 2-х тамах. – Т.2. / Леанід Маракоў. – Мінск: Беларускі Экзархат, 2007. – С. 273,280,281.
  • Новомученики Слуцко-Солигорской епархии / сост. протоиерей Александр Шкляревский, Светлана Волохова. – Минск: Христианский образовательный центр имени святых  Мефодия и Кирилла, 2019. – С. 34 – 37.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *